Статистика





Вступить в клуб любителей бега «Виктория»

ПЕРШЫ СТАРТ СЕЗОНУ – ПЕРШЫ КУБАК!

ПЕРШЫ СТАРТ СЕЗОНУ – ПЕРШЫ КУБАК!

Бегавы сезон-2018 пачаў стартам на паўмарафоне ў польскіх Пулавах пад Люблінам. У студзені бег у манежы ў Мінску 3000 м, але ж гэта было, хутчэй, міжсезонне.

У Пулавы выбраўся ўпершыню, хаця па Польшчы ездзіў многа. Гарадок над Віслай спадабаўся сваёй ўтульнасцю, палацам і паркам Чартарыйскіх, пулаўскай “Марынай” – нядаўна рэканструяваным портам на Вісле, дзе і знаходзіўся старт і фініш паўмарафона “Зялёных шнуркоў”.

 

У Пулавы вырашыў ехаць адзін: часам люблю засяродзіцца на сваіх думках, павандраваць у адзіноце. У Любліне, куды завітаў па дарозе, сустрэўся з добрым знаёмым Томэкам (ён на ровары суправаджаў мяне на Люблінскім марафоне-2017), які дапамог заплаціць за старт у Пулавах. Прагуляўшыся па горадзе і, натуральна, наведаў “Дэкатлон”.

У Пулавах адразу ж па прыездзе атрымаў стартавы пакет, крыху прагуляўся па горадзе і засяліўся ў гатэль (моладзевы інтэрнат).

Увечары зрабіў невялікую прабежку з тэмпавым адрэзкам у 1 км за 3.40. Крыху напружвала тое, што асаблівай свежасці не адчувалася. Разумеў, што гэты старт будзе паказчыкам маёй фізічнай падрыхтаванасці да сезону, таму хваляваўся. Асноўнай задачай для сябе паставіў выбегчы з 1.20.00, у крайнім выпадку – з 1.22.00.

Польшча здзівіла пагодай: тэмпература +10-12, сонейка і амаль поўная адсутнасць снегу, таму давялося ледзь не на хаду перапранацца, бо з заснежанага і марознага Магілёва прыехаў у зімовым адзенні.

Пасля вячэры амаль адразу заснуў. У сне, як гэта перыядычна ў мяне бывае, бачыў, што спазняюся на старт. Але паколькі ў Польшчы цяпер час на 2 гадзіны адстае ад беларускага, то насамрэч праспаць старт а 13.00 па мінскім часу было складана.

Раніцай спакойна падрыхтаваў форму, паснедаў, сабраўся з думкамі. Галоўнае – не пачынаць вельмі хутка і пастарацца прабегчы з негатыўным сплітам, каб другая палова была хутчэйшай. (На жаль, гэта зноў не атрымалася!)

Пакінуўшы сумкі ў інтэрнаце, прагуляўся 2 км да старту, дзе агледзеўся, пераапрануўся і недзе за 30-35 хвілін да пачатку паўмарафона пачаў размінку. Паглядзеўшы падчас расцяжкі з вышыні 7-метровай аглядавай вежы на крыгаход на Вісле, пайшоў на старт.

Гэтым разам старт адбыўся неяк будзённа, нават без зваротнага адліку.

Траса паўмарафона ўяўляла сабой пятлю і вяла збольшага па веладарожцы ўздоўж Віслы (праўда, за валам ракі не было бачна) у бок Казімежа Дольнага, дзе ў вёсцы Бахатніца быў разварот.

Першы кіламетр прабег за 3.42 замест запланаваных 3.50. Быў на 6-м месцы і бег разам з палякам, ад якога праз кіламетр пачаў адрывацца. Тым часам першая чацвёрка ўжо мела значны адрыў ад мяне. Цікава, што на пачатку трасы двойчы спачатку метраў 200, а потым 50 давялося бегчы па гразкай зямлі – спраўдны трэйл!

Бег адзін, старючыся трымаць у полі зроку першую чацвёрку, якая паступова аддалялася. Першую 5-ку прабег за 18.44 і зразумеў, што: 1) наўрад ці выбегу з 1.20, 2) прыкладна такі тэмп змагу ўтрымаць да канца дыстанцыі.

Недзе пасля 5-га км заўважыў, што з першай чацвёркі адзін чалавек “адваліўся”. На сёмым кіламетры нагнаў яго (аказалася потым, што гэты быў украінец): на горцы хлопец проста пайшоў. “Ты з Беларусі!” – здзівіўся наш паўднёвы сусед і прабег побач са мной метраў 400.

Такім чынам, з 8-га кіламетра я выйшаў на 4-е месца. Першая тройка тым часам была ўжо далёка, а я чакаў разварота, каб пабачыць сітуацыю на трасе. Другую пяцёрку прабег за 19.22, але радавала тое, што назад вецер будзе спадарожны і што адчуваю сябе нядрэнна. Пабачыў, што лідары абганяюць мяне ўжо на 600-700 метраў, а за мной ланцужком бягуць ажно 5 чалавек на адлегласці 150-300 м!

Натуральна, у такой сітуацыі вырашыў сканцэнтравацца на ўтрыманні тэмпу, каб абараніць 4-е месца, што давала гарантыю першага месца ва ўзроставай катэгорыі (першая тройка ўзнагароджвалася толькі ў абсалюце).

Трэцюю пяцёрку, якую бег пад вітальныя воклічы тых, хто яшчэ не дабег да разварота, прабег за 19.01, на 16-м кіламетры не здолеў схапіць ізатонік, але няўдача, хутчэй, толькі падбадзёрыла мяне.

Па воклічах школьнікаў, якія ў некалькіх кропках падтрымлівалі нас, чуў, што маю недзе хвіліну перавагі над 5-м месцам. На развароце перад фінішнай пятлёй па “Марыне” пабачыў, што так і ёсць!

У адзіноце выбягаю на фінішную прамую і заканчваю паўмарафон з часам 01.21.38 (чацвёртая пяцёрка за 19.34).

Павітаўшы хлопцаў, якія прыбеглі праз хвіліну-другую пасля мяне, іду на замінку. Потым забягаю ў гатэль, пераапранаюся і вяртаюся на цырымонію ўзнагароджвання.

З аднаго боку, прыемна быць 4-м у абсалюце і 1-м ва ўзроставай катэгорыі, з іншага – час пакуль не вельмі добры.

Дамаўляюся з палякам Яцэкам, які бег тут 5 км, каб той падкінуў мяне да Любліна, адкуль звыклай дарогай праз Брэст і Мінск вяртаюся дадому.

Выснова: спадзяюся, належную базу бегавымі аб’ёмамі па 90-120 км за тыдзень на працягу зімы я напрацаваў, таму цяпер будзем падымаць хуткасць, каб нарэшце пабіць асабісты рэкорд (2.50.41) на марафоне ў Любліне 13 траўня! Усім здароўя!

Дата публикации:


Читайте также:

10 апреля 2018, 23:30 - История успеха. Светлана Сахоненко: премиальные заработала, могу и сама жилье приобрести. Ходить и выбивать точно не буду
10 апреля 2018, 23:09 - Биатлон. Уйти нельзя остаться. В поисках запятой для Дарьи Домрачевой
10 апреля 2018, 17:58 - Лукашенко: Марафон, полумарафон организовать в Минске - это надо, это хорошо
28 марта 2018, 14:33 - Серия приключенческих забегов в Минской области 2018

Делитесь своими тренировками и просматривайте тренировки других участников клуба:
Аэробия

Календарь событий


Журнал
"Мы выбираем бег"

Журнал "Мы выбираем бег"

Партнеры:

tri.by - Триатлон в Беларуси

Клуб любителей бега «АМАТАР»

Run4Fun.by

Легкая атлетика

ПроБЕГ в России и мире

Мир легкой атлетики

Белорусская федерация легкой атлетики

Статистика





© 2008-2016 Клуб бега «Виктория».