Статистика





Вступить в клуб любителей бега «Виктория»

ВАНДРОЎКА НА ЎСХОД, АБО ПЕРШЫ ПРАБЕГ У РАСІІ

ВАНДРОЎКА НА ЎСХОД, АБО ПЕРШЫ ПРАБЕГ У РАСІІ

Ужо амаль 5 год я ўдзельнічаю ў прабегах у розных краінах, але да 2017 года ні разу не бегаў у суседняй Расіі, хаця ехаць туды з роднага Магілёва бліжэй за ўсё: паўтары-дзве гадзіны паездкі на маршрутцы – і ўжо перасякаеш дзяржаўную мяжу з усходняй суседкай.

Даўно думаў выбрацца пабегаць у Расію, але, відаць, жаданне было невялікае, таму прыярытэт аддаваў прабегам у іншых краінах. Але недзе ў траўні выпадкова натрапіў у сацыяльнай сетцы на суполку паўмарафона “Тушынскі пад’ём” у Маскве – і захацелася прабегчы там!

Па-першае, у Маскве не быў з пачатку 1990-х; па-другое, прабег будзе добрай праверкай перад Марафонам Дружбы Гародня-Друскенікі; па-трэцяе, спаборніцтвы абяцалі быць цікавымі і была магчымасць трапіць у прызы.

Што цікавага я знайшоў паўмарафоне “Тушынскі пад’ём”? Гэта вельмі цёплая атмасфера прабега (нездарма арганізатары называюць яго “правільны паўмарафон на раёне”), гэта прыгожая траса па парку на беразе Хімкінскага вадасховішча, гэта сувеніры і падарункі, якія абяцалі арганізатары ўдзельнікам. 

Вырашана – зроблена: зарэгістраваўся, аплаціў немалы стартавы ўнёсак (1500 рас. рублёў), замовіў маршрутку – самы танны варыянт даехаць да сталіцы Расіі. Вырашыў ехаць без начоўкі: ноч у маршрутцы туды, дзень у Маскве, ноч дарогі назад. Не самы лепшы варыянт для таго, каб паказаць добры час, але ж нейкую звышзадачу перад сабой не ставіў. Тым больш за тыдзень да паўмарафона ў Маскве прабег “Паўмарафон з бутэлькай малака” ў Польшчы, дзе паказаў час 1.24.07. Таму вырашыў, што будзе цудоўна, калі атрымаецца паказаць прыкладна такі самы вынік.

Выехаўшы з Магілёва а 21.30, у Маскве я быў ужо а палове на шостую раніцы. Паколькі старт быў прызначаны на 9.15, крыху пагуляў па горадзе, потым на метро даехаў да раёна Паўночнае Тушына, дзе і меў адбыцца паўмарафон.

Атрымаўшы нумар і аддаўшы даведку-допуск да спаборніцтваў, пайшоў рыхтавацца да старту. Калі раніцай яшчэ адчувалася прахалода, то пасля 8 пачало прыграваць сонейка. Пераапрануўшыся, паспеў палюбавацца вельмі прыгожымі тут краявідамі: Хімкінскім вадасховішчам з рачным вакзалам на супрацьлеглым беразе, музеем-падлодкай Б-396 “Навасібірскі камсамолец”, экранапланам “Арлёнак”, усталяваным на мелкаводдзі.

Акрамя асноўнай дыстанцыі, арганізатары прапанавалі – і гэта было вельмі цікава і відовішчна – эстафету (3 па 7 км), што было зручна, паколькі сама траса была кальцавой (адно кола – 7 км). Пры гэтым удзел у эстафеце бралі як мужчынскія і жаночыя, так і змешаныя каманды, а залік праводзіўся асобна для кожнай катэгорыі.

Зрабіўшы размінку, якую удзельнікам дапамагала правесці дзяўчына – трэнер па фітнесе, пайшоў у стартавы калідор. Спачатку быў дадзены старт эстафеце, а праз 15 хвілін пабеглі мы, паўмарафонцы.

Дарэчы, вельмі прыемна было слухаць самыя розныя рытмы у выкананні гурта “BaraBand”, які размясціўся непасрэдна перад стартавай лініяй. 

Пачаў, як звычайна, вельмі хутка: першы кіламетр прабег за 3.33. Толькі на трэцім кіламетры выйшаў на стандартную хуткасць 3.55. Не атрымалася “зачапіцца” за каго-небудзь, таму бег адзін.

Вельмі парадавалі валанцёры, якія прапаноўвалі даць пяць, усміхаліся і падбадзёрвалі. Што ж, нездарма ў іх на майках было напісана “Валанцёр – лепшы сябар бегуна”!  Першы круг праляцеў хутка, а на другім ужо стала адчувацца гарачыня – дапамагалі пункты з вадою. 

На другім крузе траса стала ўжо знаёмай: тут горачка, там спуск, там паварот да вады, там кавалачак грутоўкі, а далей – доўгачаканы цень. Недзе на 11-12 кіламетры мяне абышла дзяўчына – будучая пераможца паўмарафона, – якую вёў па дыстанцыі хлопец. Крыху пазней мяне абагнаў яшчэ адзін удзельнік, Сяргей (нумары былі імянныя), за якога атрымалася зачапіцца. Разам з ім зайшлі на апошні круг дыстанцыі. Кіламетры за 4 да фінішу пачаў адпускаць яго, імкнучыся трымаць свой тэмп, які да таго часу ўжо упаў да 4.00-4.10.

Пасля фінішу трэцяга круга выбягаю на набярэжную, па якой трэба прабегчы апошнюю сотню метраў. Свайму суперніку прайграю метраў 10-15, але фінішным спуртам абганяю хлопца літаральна за 5 метраў да фінішу! Спыняюся толькі метраў праз 50 пасля фінішнай рысы, каб атрымаць медаль і павіншаваць Сяргея, з якім разам пераадолелі траціну дыстанцыі. Цікавы момант: у выніковым пратаколе ён аказаўся вышэй за мяне: стартаваў на 3 сек. пазней, а на фінішы прайграў мне толькі на 1 сек. 

Але гэта не расчаравала: фініш я выйграў, паказаў добры час (1.22.33), заняў трэцяе месца ва ўзроставай катэгорыі. 

Потым быў смачны плоў з гарбатай, бясплатае фатаграфаванне, цырымонія ўзнагароджвання. Пры гэтым усё запомнілася сваёй цеплынёй і пазітывам, добразычлівасцю.

Такім чынам, высновы. Пазітыўныя моманты:

· добразычлівая атмасфера;

· багаты стартавы пакет;

· прадуманая арганізацыя;

· эстафета; 

· шмат прызоў і сюрпрызаў;

· арганізатары і валанцёры маюць адмысловыя майкі;

· шмат інфармацыі ў сацыяльных сетках.

Усё гэта спрыяе папулярнасці спаборніцтваў: ліміт месцаў на паўмарафон быў вычарпаны за тры тыдні да старту!

Што можна палепшыць ці змяніць:

· пераможцы ў абсалюце не павінны ўзнагароджвацца ва ўзроставых катэгорыях;

· цырымонія ўзнагароджвання ва ўзроставых катэгорыях праводзілася ў самым канцы і атрымалася невыразнай;

· розыгрыш прызоў лепш праводзіць пра латарэю, бо не кожны з удзельнікаў добра ведае гісторыю Тушына і цяжка вызначыць пераможцу, калі некалькі галасоў выкрыкваюць з месца.

А яшчэ вельмі спадабалася, што пасля заканчэння прабегу у мяне было яшчэ амаль 10 гадзін на тое, каб пагуляць па Маскве, што я з задавальненнем і зрабіў, адчуваючы прыемную стомленасць у нагах – паездка атрымалася!

 

Юрась Каласоўскі, Магілёў

Дата публикации:


Делитесь своими тренировками и просматривайте тренировки других участников клуба:
Аэробия

Журнал
"Мы выбираем бег"

Журнал "Мы выбираем бег"

Партнеры:

tri.by - Триатлон в Беларуси

Клуб любителей бега «АМАТАР»

Run4Fun.by

Легкая атлетика

ПроБЕГ в России и мире

Мир легкой атлетики

Белорусская федерация легкой атлетики

Статистика





© 2008-2016 Клуб бега «Виктория».