Статистика





Вступить в клуб любителей бега «Виктория»

СЯБРОЎСТВАМ ПОЎНІЦЦА ДУША, АБО МОЙ ЮБІЛЕЙНЫ МАРАФОН ДРУЖБЫ

СЯБРОЎСТВАМ ПОЎНІЦЦА ДУША,

АБО МОЙ ЮБІЛЕЙНЫ МАРАФОН ДРУЖБЫ

Марафон Дружбы Гародня-Друскенікі бягу ўжо пяты год запар, што дае мне поўнае права назваць яго “хатнім”. Хатнім магу назваць яго і праз цёплую сяброўскую атмасферу, праз сяброў і знаёмых, якіх штогод сустракаю тут.

Добрай традыцыяй стала спыняцца на начоўку перад гэтым марафонам, калі яго старт праводзіцца ў Гародні, у гарадзенскіх сяброў. Начаваў у Віктара Шумеля, у Паўла Куляша, цяпер спыніўся ў Барыслава Яравога. Нельга не адзначыць прагрэс гэтага бегуна, які за тры гады з пачаткоўца вырас да бегуна высокага ўзроўню і ўвесну паказаў выдатны час на Варшаўскім марафоне (02.48), што амаль на 3 хвіліны лепш за мой асабісты рэкорд, які я, на жаль, не магу пабіць ужо чацвёрты год.

Не было планаў паказаць лепшы вынік і на гэтым марафоне, паколькі на Люблінскім марафоне два месяцы таму прабег толькі за 03.05, а потым пачаліся старты, і форму можна было толькі падтрымліваць. Вынікі двух чэрвеньскіх паўмарафонаў – 1.24.07 і 1.22.33 – толькі пацвердзілі, што зараз я гатовы бегчы недзе на 2.55-2.57.

Адразу ж па прыездзе ў Гародню, куды мы дабіраліся цягніком з аднаклубнікамі з “Вікторыі”, мяне сустрэў Барыслаў. Неўзабаве выйшлі з ім на прабежку. Як правіла, у дзень перад марафонам я не бегаю ўвогуле, але ж да прапановы Барыслава нельга было не прыслухацца, бо ён мае лепшы час на марафоне ўжо. Лёгка прабеглі па стадыёне 6 км, зрабілі потым серыю паскарэнняў па 100 м ды невялікую расцяжку.

Увечары ажно двойчы павячэралі макаронамі, зрабіўшы вугляводную загрузку. Паміж вячэрамі змясцілася паездка на стадыён, дзе мы хутка прайшлі працэдуру рэгістрацыі. Я атрымаў 109-ы стартавы нумар і пазайздросціў Барыславу, у якога быў прыгожы 111-ы.

Пасля рэгістрацыі сустрэў аднаклубнікаў Максіма, Наталлю і Генадзя, якія дабіраліся ў Гародню на машыне. Крыху паразмаўлялі, абмяняўшыся ўражаннямі і планамі на марафон.

Дарэчы, па маім плане я павінен быў бегчы ў тэмпе 4.10 на кіламетр і пераадолець дыстанцыю за 02.56.50. Быў і яшчэ адзін план: трымацца за Максімам Рэмезавым, які сёлета ўжо паказаў добрыя вынікі (02.51 і 02.52) на марафонах у Празе ды Коўне, да мяжы, а там ужо выкладвацца да канца.

Увечары спакойна сабраўся ды лёг адпачываць, бо адчуў, што за дзень атрымаў добрую нагрузку. Ды і спаў у начным цягніку Магілёў-Менск мала.

Яшчэ падумаў пра аднаклубніка Максіма Знака, які ў дзень марафона павінен быў бегчы Айранмэн у Нямеччыне. Вось каму будзе цяжка!

Прачнуўся калі 5-й раніцы і з задавальненнем адзначыў, што прангозы сіноптыкаў спраўджваюцца і надвор’е для марафона вельмі добрае: ідзе невялікі дождж і +15. Паснедаўшы і сабраўшыся, выязджаем на стадыён “Нёман” – месца старту.

Там хутка праходзім памежны кантроль, аддаём пашпарты ды вітаемся са знаёмымі і сябрамі. Вельмі прыемна бачыць і Віктара Шумеля, які зноў

будзе суправаджаць нас на трасе і рабіць выдатныя фота, Паўла Куляша, які гэтым марафон пабяжыць у трэніровачным тэмпе па 4.43-4.40, бо рыхтуецца штурмаваць 100-кіламетровую дыстанцыю ў расійскім Суздалі ўжо праз два тыдні. Цёпла вітаюся з сябрам Аляксеем Чамаданавым, старшынём клуба “Run4fun”. Вітаюся і з фаварытамі прабегу – земляком-магілёўцам і цёзкам Юрыем Капцеравым, прадстаўніком нашай паўднёвай суседкі і леташнім пераможцам Сяргеем Украінцам, а таксама з Аляксандрам Кошурам з Баранавічаў.

Пасля размінкі выходзім у стартавы калідор, слухаем вітальныя словы арганізатараў. Адказаўшы на пытанні карэспандэнткі тэлебачання, я не станаўлюся ў першую лінію, а знаходжуся ў трэцяй-чацвёртай, дзе адчуваю сябе камфортна.

І вось старт! Адразу ж пачынаю бегчы за Максімам Рэмезавым, з якім ужо беглі разам з дзясятак кіламетраў на леташнім Марафоне Дружбы. Першы кіламетр прабягаем за 4 хвіліны – хутка! А другі кіламетр увогуле за 3.51! Усё ж вырашаю не адпускаць Максіма. Да нас далучацца яшчэ адзін хлопец – наш аднаклубнік з “Вікторыі” Алег Кашанскі. Бяжым разам, за 20-30 метраў перад намі бачым Аляксея Чамаданава і Барыслава Яравога, якія пачалі марафон прыкладна ў такім жа тэмпе.

Разумею, што хлопцам з “Run4fun” я пакуль не канкурэнт, таму бягу разам з Максімам ды Алегам. Першыя кіламетры пралятаюць за 3.50-3.55. Утрох бегчы добра, я адчуваю сябе камфортна, таму бягу, прыглядаючыся да аднаклубнікаў. Алег, здаецца, бяжыць крыху напружана, моцна дыхае, з’еў гель ужо на 5-м кіламетры. Відаць, не хопіць яго на ўсю дыстанцыю, хаця гэта толькі маё меркаванне. А вось Макс працуе роўна і спакойна. Заўважаю толькі шырокую амплітуду рухаў яго рук і думаю, што ў мяне тут зусім па-іншаму: рукамі працую даволі размерана.

Пасля 7-8-га кіламетра перастаю глядзець на гадзіннік – гэта пачало напружваць. На 15-м кіламетры прабягаем Гожу, дзе нас, як заўсёды, вельмі атыўна вітаюць вучні школы і мясцовыя жыхары. Па-ранейшаму бяжым метраў за 30-40 за Барыславам і Аляксеем. Нас суправаджаюць два веласіпедысты, але паколькі мы бяжым кампаніяй, то яны едуць крыху ззаду, размаўляючы паміж сабой пра свае “веласіпедныя” справы. Часам нават паспяваю перакідвацца словамі з Максам.

Палову дыстанцыі мінаем за 01.24.33 – вельмі хуткі час для мяне, бо па плане павінен быў прабегчы 21,1 км прыкладна за 01.27. Але ж добрае надвор’е і аналагічнае самаадчуванне даюць надзею, што марафонская “сцяна” не будзе для мяне непераадольнай.

Паступова Барыслаў з Аляксеем ад нас аддаляюцца, а мы працягваем бегчы, падтрымліваючы арганізм вадой/ізатонікам на пунктах харчавання. Як добра, што з 15-га кіламетра гэтыя пункты ідуць праз кожныя 2-3 км! Адзін з геляў ем на 18-м і 20-м кіламетрах, другі прыпасаю на 28-ы і 30-ы км.

Калі здавалася, што мяжу, якая знаходзіцца на 32-ім кіламетры дыстанцыі, мы пераадолеем утрох, усё рэзка пачынае мяняцца. Прыкладна на 26-ым кіламетры Макс крыху адстае, я апынаюся паміж ім і Алегам і думаю,

як быць далей: застацца з адным ці бегчы наперадзе з другім? Вырашыў пабегчы з Алегам. Крыху пагаварылі нават. На 27-м кіламетры з радасцю павітаўся з Іванам Лявонавым – сябрам і бегуном, які ўжо каторы год дзяжурыць на пункце харчавання і горача падтрымлівае марафонцаў. Праз кіламетр пасля пункта харчавання Алег нечакана збаўляе хуткасць, і я ўжо бягу наперадзе ў адзіноце.

“Сцяна” перада мной вырастае прыкладна на 30-м кіламетры (класіка!) і робіць гэта, як заўсёды, даволі рэзка. Проста раптам лаўлю сябе на думцы, што мне цяжка бегчы, што я бягу і ўжо чакаю, калі там з’явіцца тая шыльдачка з надпісам “30 км”. Пакуль перабягаю мяжу, прыслухоўваюся да сябе і складаю план далейшых дзеянняў.

Увогуле, для мяне ёсць два віды “сцяны”: А – калі бегчы надзвычай цяжка, моцы перасоўваць ногі амаль няма; Б – калі бегчы цяжка, але ў прынцыпе можна. З задавальненнем адзначаю, што тут, у адрозненне ад Польшчы, маю справу з варыянтам “Б”. Але цяжка – гэта ўсё адно цяжка.

Таму вырашаю бегчы ад пункта да пункта харчавання і там на 10-15 секунд пераходзіць на крок, каб выпіць ізатонік.

Так і раблю. Прыемна, што сілы бегчы ёсць. Пачынаю лічыць кіламетры да кожнага наступнага пункта харчавання. На 36-м кіламетры чую, што мяне хтосьці даганяе. Што ж, зараз будзем плаціць за хуткасць на першай палове. І на працягу кіламетра мяне паслядоўна абыходзяць два літоўцы, і я з 7-га перамяшчаюся на 9-е месца. Разумею, што калі мяне абгоніць яшчэ адзін чалавек, то я, хутчэй за ўсё, застануся па-за межамі прызавой тройкі ва ўзроставай катэгорыі. Таму ўпарта бягу.

Вось і Друскенікі, але па іх трэба бегчы 4 кіламетры! Спыняюся на пункце харчавання на 40-м кіламетры. На гадзіннік па-ранейшаму не гляджу – ведаю, што і так выкладуся напоўніцу. Азіраюся назад – здаецца, ніхто пакуль не даганяе. Як жа доўга цягнуцца апошнім два кіламетры!

І вось касцёл, за якім пачынаецца Віленская алея, дзе знаходзіцца фініш. Бегу паміж турыстамі і амаль не рэагую на іх воклічы ці воплескі. Апошнія сілы ўкладваю ў тое, каб павітаць прысутных на фінішы ды пераможна махнуць рукой – ёсць шаснаццаты марафон! Вынік – 02.55.25 – толькі на 3 секунды горшы за мой асабісты рэкорд на гэтай трасе, паказаны два гады таму.

Пасля фінішу мяне вітаюць Барыслаў, Аляксей, аднаклубнік Генадзь Жаўронак, але я рэагую слаба і сядаю на траву за аўтобусам з рэчамі марафонцаў. Чую, што за мной фінішуе Макс. Яго час – 02.57.01.

Праз некалькі хвілін Макс з Генам бягуць на замінку, але ў мяне сіл хапае толькі на 300 м трушком, пасля чаго сядаю на лавачку на беразе Нёмана і адпачываю. Потым вяртаюся да фінішу, дзе віншую знаёмых і сяброў з чарговым марафонам. Прыняўшы душ у аквапарку і паглядзеўшы цырымонію ўзнагароджвання пераможцаў (6 мужчын і жанчын у абсалютным заліку), куды трапілі нашы Генадзь Жаўронак (4-е месца), Наталля Маліноўская (3-е месца) і Крысціна Варданян (6-е месца), ідзём абедаць.

Пасля абеду ўзнагароджваюць прызёраў ва ўзроставых катэгорыях. Як і год таму, я зноў трэці ў катэгорыі М18-39. Нядрэнна! Таксама вельмі прыемна, што наш клуб перамог у камандным заліку! Сяброў з “Run4fun” віншую з перамогай у катэгорыі “Самы масавы клуб на марафоне Дружбы”!

Аналізую вынікі. Добрае: выніковы час і месца, пераадольванне “сцяны” па плане “ад пункта да пункта”. Дрэннае: слабая другая палова (-6 хвілін да першай). Відаць, вінаваты высокі тэмп на першай.

Вельмі прыемна, што пасля заканчэння цырымоніі ўзнагароджвання мяне чакае засяленне ў гатэль і амаль суткі адпачынку ў добра знаёмых Друскеніках разам з сябрамі-марафонцамі – цудоўная ўзнагарода Марафона Дружбы, куды абавязкова прыеду яшчэ!

Юрась Каласоўскі, Магілёў

Дата публикации:


Делитесь своими тренировками и просматривайте тренировки других участников клуба:
Аэробия

Журнал
"Мы выбираем бег"

Журнал "Мы выбираем бег"

Партнеры:

tri.by - Триатлон в Беларуси

Клуб любителей бега «АМАТАР»

Run4Fun.by

Легкая атлетика

ПроБЕГ в России и мире

Мир легкой атлетики

Белорусская федерация легкой атлетики

Статистика





© 2008-2016 Клуб бега «Виктория».