Статистика





Вступить в клуб любителей бега «Виктория»

ПАЎМАРАФОН У КРАСНЫМСТАВЕ, АБО ШТО ТАКОЕ мараФАН?

ПАЎМАРАФОН У КРАСНЫМСТАВЕ,

АБО ШТО ТАКОЕ мараФАН?

У 2016 годзе наведаў гэты паўмарафон адзін і быў вельмі ўражаны надзвычай пазітыўнай атмасферай спаборніцтва, якое адбываецца ў рамках агульнапольскага свята півавараў “Хмелякі краснастаўскія”. Захацелася вярнуцца сюды праз год.

Час ляціць хутка, і вось ужо мы цэлай кампаніяй аднаклубнікаў з 8 чалавек едзем у Красныстаў! Каб паездка атрымалася прыемнай, папярэдне вырашылі арганізацыйныя пытанні: зарэгістраваліся яшчэ ў чэрвені, забраніравалі месцы ў школьным інтэрнаце, купілі квіткі на цягнік.

Па дарозе ў Красныстаў вырашылі спачатку завітаць у старажытны Люблін, вядомы беларусам найперш па тым, што менавіта ў мясцовым замку ў 1569 годзе была падпісана унія, якая аб’яднала ВКЛ і Польшчу ў адну дзяржаву. Дарэчы, пасля прагулкі па старым горадзе (наша экскурсія пачалася ад знакамітай Кракаўскай брамы) мы якраз і завіталі ў велічны Люблінскі замак, зладзіўшы невялікую фотасесію ва ўнутраным дворыку.

Канешне, мы не маглі абмінуць яшчэ адно знакавае месца – краму спартыўных тавараў “Дэкатлон”. Задаволеныя пакупкамі, паабедалі ды выехалі ў Красныстаў.

На месцы хутка прайшлі рэгістрацыю. Дарэчы, нас там ужо чакалі, сустрэўшы словамі “О, Беларусь прыехала!” Атрымаўшы стартавыя пакеты, адразу ж прымерылі на сябе вельмі прыгожыя, яркага жоўтага колеру бегавыя майкі ад арганізатараў.

Метраў за 300 ад месца рэгістрацыі знаходзіўся наш інтэрнат, куды мы адразу і засяліліся. Паўгадзінны адпачынак, душ – і вось мы гуляем па Краснымставе, атрымліваючы асалоду ад непаўторнай атмасферы свята півавараў. Канцэрты і конкурсы, а таксама проста неверагодная колькасць самых розных гатункаў піва і безліч прысмакаў – думаю, мы пашкадавалі, што не можам пакаштаваць іх усе, бо заўтра бегчы паўмарафон ці, як ласкава кажуць марафонцы, палавінку.

Не радавала адно: прагнозы абяцалі амаль 30-градусную спёку падчас спаборніцтваў. Разам з тым суцяшала тое, што траціна дыстанцыі праходзіла праз лес, што мне вельмі дапамагло летась.

Адбой і ранні пад’ём суправаджаліся жужжаннем парапланаў, узлётна-пасадачная паласа якіх знаходзілася зусім недалёка. Лёгка паснедаўшы, пачынаем апранацца, каб ісці на старт.

Калі ўвечары сярод натоўпу людзей мы не заўважалі спартоўцаў, то раніцай удзельнікі паўмарафона ручайкамі сцякаліся да месца старту. Здзівіла, што сюды прыехалі нават кенійцы! Летась, нагадаю, першыя месцы ў абсалюце сярод жанчын ды мужчын занялі нашы паўднёвыя суседзі.

Размінка, расцяжка, невялічкая прамова арганізатараў – старт!

Вельмі добра, што на працягу дыстанцыі арганізатары ў сувязі са спёкай зрабілі некалькі “водных завесаў” і дадалі пару пунктаў з вадой – гэта вельмі дапамагло. У адрозненне ад мінулага года, гэтым разам беглі ў адваротным напрамку – здалося, так цяжэй, таму што было больш пад’ёмаў.

Макс Рэмезаў, калі абганяў мяне на 9-м кіламетры, паспеў іранічна прамовіць: “Куды ж ты нас прывёз, Юрась?”. А справа была ў даволі зацяжным пад’ёме ў лесе, які няпроста было пераадолець нават вопытным удзельнікам.

Вось што сказала пра бег і паездку Наталля Каражан, для якой гэта быў дэбютны паўмарафон: “Мне хацелася, каб мая першая палавiнка неяк асаблiва запомнілася. Так i было: падарожжа з аднаклубнiкамi, цудоўная экскурсiя па старажытным Любліне, пiўны фэст у Краснымставе з бaгатымi пачастункамі і нарэшце – перамога над сабой! Траса падалася не вельмi цяжкай: асфальт, грунт, але спёка i зацяжныя пад'ёмы забiралi сiлы. Старалася на прыпынках пiць i лiць на себе ваду, але калi ў красоўках пачула хлюпанне вады, зразумeла, што гэта не дзень Няптуна. Самы цяжкi кавалак шляху, здаецца, пачаўся за 4 км да фiнiша – па дамбе пад пякучым сонцам, потым невялiкi пад'ём у горад, паварот... Сама не ведаю, адкуль бяруцца сiлы, але люблю фiнiшны палёт! I вось ужо медаль на шыi, пакет фiнiшора ў руках! Хуткiм здаўся шлях дадому. Выдатна, на адным дыханнi праляцелi днi гэтага падарожжа!”.

Для мяне ж паўмарафон не задаўся. Пасля 15-га кіламетраў злавіў сябе на думцы, што тое самае адчуваў пасля 35-га кіламетра марафона Гародня-Друскенікі, які бег у ліпені. Дык то ж быў марафон! Таму вырашыў адносна спакойна дабягаць, гледзячы, як недзе далёка наперадзе да фінішу набліжаецца Максім Рэмезаў. Галоўнае, падумалася, выбегчы з 1.30.00.

Цікава, што калі мінуў пазнаку 21 км, да фінішу трэба было яшчэ бегчы не 97, а недзе 300 метраў! На фінішы павітаў гасцей свята, даў пяць талісману паўмарафона – Хмелю – і спыніўся за некалькі метраў да фінішнай рысы, каб падзякаваць арганізатарам паклонам. Потым спакойна прайшоў праз фінішны створ, каб атрымаць медаль з рук мэра горада. На гадзінніку – 01.29.55! Што ж, трэба ўмець знаходзіць прыемнае ў непрыемным, або, як пісаў мой сябар і аднаклубнік Максім Знак, ператвараць пра неабходнасці марафон у мараФАН – бегчы і радавацца! Затое цяпер я ведаю, які ў мяне горшы вынік на паўмарафоне!

Прыемна, што іншыя мае аднаклубнікі адзначыліся значна лепшымі вынікамі! Наталля Маліноўская з часам 1.35.16 стала 5-й у абсалюце, Наталля Каражан пераадолела свой першы паўмарафон ў звыклым для сябе тэмпе 7 хв/км, а Алена Цімашэнка толькі крышачку саступіла свайму лепшаму выніку! Генадзь Жаўронак стаў шостым у абсалюце з выдатным часам 01.17.16, Юрый Салодкі з часам 01.25.47 стаў першым у сваёй узроставай групе, а Мікалай Валодчанка з часам 01.31.37 у гэтай жа групе саступіў толькі Юрыю.

Максім Рэмезаў мужна дацярпеў да фінішу і з нядрэнным часам 01.28.16 стаў 12-м ва ўзроставай групе.

Па традыцыі на фінішы можна было не толькі смачна пад’есці, але і спатоліць смагу півам, якое тут падавалася ў неабмежаванай колькасці, чым мы, натуральна, і скарысталіся. Пры гэтым нашыя прызёры, атрымаўшы

кубкі, адразу ж напоўнілі іх пенным напоем, каб адзначыць чарговы клубны выезд на замежныя спаборніцтвы!

Атрымаўшы ўзнагароды і добра пачаставаўшыся, крыху пафатаграфаваліся ды сабраліся ў няблізкую дарогу дадому.

Прыемна было бачыць і чуць, што маім аднаклубнікам спадабалася гэтая паездка, што “Хмялікі краснастаўскія” сапраўды вартыя таго, каб прыехаць, пабачыць і… пабегаць!

Юрась Каласоўскі, Магілёў

Дата публикации:


Делитесь своими тренировками и просматривайте тренировки других участников клуба:
Аэробия

Журнал
"Мы выбираем бег"

Журнал "Мы выбираем бег"

Партнеры:

tri.by - Триатлон в Беларуси

Клуб любителей бега «АМАТАР»

Run4Fun.by

Легкая атлетика

ПроБЕГ в России и мире

Мир легкой атлетики

Белорусская федерация легкой атлетики

Статистика





© 2008-2016 Клуб бега «Виктория».